... да мяне прыяжджаў дзядзька Пэпін, ён заўсёды прывозіў нейкую бутэльку рому альбо горкай настойкі, мы выпівалі, хадзілі ў кабарэ, у госьці, дзядзька начаваў у мяне на канапе, а калі ў нас быў час, я доўгімі прысядамі запісваў на пазычанай пішучай машынцы той тэкст, які мне надыктоўваў дзядзька Пэпін.
Яму страшэнна падабалася выкладаць сваё на паперу, ён называў тыя тэксты „ пратаколамі ”. У суме, мы сем разоў запісвалі тыя пратаколы, пад канец мяне пачала забаўляць ягоная плынь сказаў, гісторый, якія я ўжо столькі разоў чуў ад яго дома, у кампаніі над берагам Лабы, або ў суседзяў, але як сапраўдны хасыд, я адно глядзеў на яго і прыкідваўся, што мяне працінае жах цікаўнасьці, які толькі даліваў алівы ў прыгаслы агонь апавяданьня, пад канец я прыносіў дзядзьку піва з ромам, каб ён гаварыў яшчэ і яшчэ, ажно да зьнямогі, і толькі пры запісваньні я заўважыў, што ў тых гісторыях бяз ладу й складу ўрэшце знаходзіўся свой сэнс, і мяне кідала ў дрыжыкі ад хваляваньня, ці дзядзька Пэпін не забудзецца на тую нітку, якую быў перарваў... і сапраўды, пасьля некалькіх хвілін, за далейшымі прыгодамі, якія ўзгадваліся ні з таго, ні зь сяго, дзядзька вяртаўся, падхопліваў тую нітку, якую ўпусьціў дзьве старонкі назад, і апавядаў далей, пакуль не паддаўся напору новае прыявы, якая вырастала перад ім як атамны грыб, і ён конча мусіў аб гэтай чарадзейна ўзьніклай прыяве распавесьці, а часам і гэтая прыява расшчаплялася і як фаервэрк выбухала іншымі відзежамі...
Вы можете уточнить стоимость и наличие любой книги, а также получить консультацию нашего продавца.