Сама гісторыя захаваньня і вяртаньня архіву цікавая і кранальная. У кастрычніку 1931 г. Ганна Бабарэка з дочкамі Элеанорай і Алесяй, падобна сем’ям іншых рэпрэсаваных дзеячоў культуры, пераехала жыць да мужа ў месца яго высылкі, горад Слабадзкі Ніжагародзкага краю. З сабою яна прывезла і цудам ацалелы пасьля першага арышту менскі архіў А. Бабарэкі1, бо і ў выгнаньні крытык працягваў творчую працу, спадзеючыся, што па вяртаньні зноў зможа адкрыта займацца літаратурнай дзейнасьцю. Праўда, пасьля таго, як тэрмін высылкі быў прадоўжаны, надзеі на выратаваньне пабляклі.
Улетку 1937 г., прадчуваючы новую хвалю арыштаў, нейкую частку рукапісаў (напрыклад, лісты сяброў–узвышаўцаў) сям’я спаліла на вогнішчы. І сапраўды, неўзабаве, увечары 25 ліпеня 1937 г., па Адама Бабарэку прыйшлі апэратыўнікі. Зразумеўшы мэту іх візыту, Ганна Бабарэка тэрмінова змусіла дзевяцігадовую дачку Алесю легчы „спаць“ на канапу. Абшукаўшы кватэру, супрацоўнікі НКВД канфіскавалі багата кніг, лістоў і канспэктаў, а канапу з „заснулай“ дзяўчынкай вырашылі не кранаць. Тым ня менш менавіта там, у канапе, была патаемная шуфляда, дзе захоўваліся рукапісы А. Бабарэкі. Дзякуючы гэтаму сапраўды гераічнаму ўчынку спадчына пісьменьніка была ўратавана.
Цяпер усё апублікаванае А. Бабарэкам пры жыцьці выглядае толькі надводнай часткай айсбэргу, бо большая частка таго, што стваралася пісьменьнікам, у друк ня трапіла альбо ўвогуле пісалася не для публікацыі. Шмат што засталося ў чарнавіках, накідах, плянах–схемах, „расшыфроўваць“ якія даводзілася ўжо непасрэдна ў працэсе падрыхтоўкі гэтага выданьня. Такім чынам, сёньня зьявілася магчымасьць адэкватнай ацэнкі творчасьці і асобы Адама Бабарэкі, а таксама літаратурнага працэсу 1920 — 1930–х гг. увогуле.