Шаноўныя сябры!
Кніга, якую вы трымаеце ў руках, прысвечаная беларускім помнікам. Насуперак усім нягодам у нас іх засталося нямала — цікавых і ўнікальных. Кожны з іх дэманструе свой час, эпоху, людзей, іхныя жаданні, густы, магчымасці. I разуменне таго, што ты на зямлі жывеш не вечна, але пасля цябе могуць застацца твае творы. Яны і будуць сведчыць пра тваю краіну, яе гісторыю і культуру.
Адзін помнік нагадвае пра знанага дойліда, запрошанага з далёкіх краёў. Іншы — шэдэўр беларускага архітэктара. У лёсе гэтага замка — галерэя знакамітых дзяржаўных дзеячаў, вайскаводцаў і простых людзей. Усе яны баранілі Беларусь у страшэнных войнах.
Прыгледзьцеся да таго абраза ў сціплай вясковай бажні- цы. На ім святыя ў тутэйшых строях, што насілі 400 гадоў таму. Вось старажытны надпіс, дзе нашай моваю напісана, хто і калі стварыў святыню. А вунь скульптура ў касцёле — яна ўрата- ваная з іншай бажніцы, знішчанай выбухам. I ўсё, што ад яе засталося — гэты аскепак...
На замчышчы, пад нагой — цэгла-пальчатка 14 стагоддзя. А на ёй барозны, сляды пальцаў майстра таго часу. А можа, гэта твой продак?..
Паданні кажуць, што недзе тут — уваход у сутарэнні, дзе схаваныя скарбы. А мо пашчасціць менавіта табе?..
Нашыя помнікі — адзін з тых падмуркаў, на якіх і будуецца ўсведамленне сябе, як чалавека, што ведае свае карані. I яны даюць моц — жыць і ствараць.
У кожным з іх — свая магія. I я спадзяюся, што гэтая кніга дапаможа вам пазнаёміцца з імі, а пасля ў вандраваннях па такой прыгожай, найлепшай у свеце краіне — Беларусі.
Яраш Малішэўскі
Вы можете уточнить стоимость и наличие любой книги, а также получить консультацию нашего продавца.