Кніга ў пэўным сэнсе з’яўляецца працягам папулярнага ілюстраванага выдання “Краіна Беларусь”. Займальная і даступная для чытача любога ўзросту, яна прысвечаная найцікавейшай эпосе нашай мінуўшчыны — часам Вялікага Княства Літоўскага. У гэтай магутнай еўрапейскай дзяржаве, дзе скансалідаваўся беларускі народ, беларускія землі адыгрывалі вызначальную ролю, а беларуская мова была дзяржаўнай. Сваёй гістарычнай радзімаю Вялікае Княства Літоўскае лічаць і летувісы, і ўкраінцы, якія доўгі час жылі з беларусамі ў агульнай краіне, а таксама беларускія татары і габраі-літвакі.
Аднак гэтая кніга мае на мэце расказаць найперш пра дзяржаватворчую ролю нашых продкаў. Вас чакае сустрэча з выдатнымі гістарычнымі асобамі: палітыкамі, военачальнікамі, асветнікамі. Вы даведаецеся пра жыццё і побыт, ваенныя перамогі і культурныя дасягненні прадзедаў.
На аснове гістарычных фактаў кніга даводзіць, што Вялікае Княства Літоўскае — наша дзяржава, а найменні “Літва” і “ліцьвіны” на працягу некалькіх стагоддзяў былі назовам Беларусі і беларусаў.
У кнізе змешчаныя блізу дзвюх тысяч ілюстрацый, у тым ліку летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, унікальныя фотаздымкі і рэканструкцыі. Шмат якія ілюстрацыі беларускаму чытачу дагэтуль былі невядомыя.
Вы можете уточнить стоимость и наличие любой книги, а также получить консультацию нашего продавца.