Пінск - сэрца і душа Палесся, краю спрадвечных неабсяжных балот... Калыска Пінска - рака Піна, яна дала гораду слаўнае імя і лёс важнага цэнтра цывілізацыі на скрыжаванні водных шляхоў, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Кожнай вясной іх густая сетка злівалася, утвараючы сапраўднае «пінскае мора», у цэнтры якога быў горад-востраў што здалёк здаваўся чароўным прывідам, створаным з вады, туманоў і водбліскаў світанку...
Гораду над Пінай ужо больш за дзевяць стагоддзяў яго сапраўдны ўзрост - тайна за сям’ю пячаткамі, а першая верагодная згадка пра Пінск на старонках старажытнарускага летапісу «Аповесць мінулых гадоў» датавана 5 лістапада 1097 года. Гісторыя Пінска - напластаванне эпох, дзе гады стваральнай працы змяняліся шабельным звонам і грукатам гармат, а затым на руінах і папялішчах ізноў узцосіліся да неба пінскія святыні... Старадаўняе замчышча на левым беразе Піны хавае ў тоўшчы зямлі неразгаданыя таямніцы і сівыя легенды глыбокай старажытнасці і мроіць пра затоенае сярод неабсяжных дрыгвяністых абшараў Пінскае княства... А на паверхні старога горада суседнічаюць Рэч Паспалітая і Расійская імперыя, некранутыя сімвалы Савецкага Саюза і прыкметы новага часу, што ўвасабляюць незалежную Беларусь...
Сёння ў Пінску пражывае амаль 140 тыс. жыхароў ён замыкае дзясятку найбуйнейшых гарадоў краіны. Нягледзячы на спусташальныя войны і знішчальнае полымя пажараў, Пінск збярог тую бясцэнную спадчыну, якая ставіць яго ў адзін шэраг з найпрыгажэйшымі гістарычнымі гарадамі Беларусі.
У Пінску сышліся сівая даўніна і поўная жыццёвых сіл маладосць, ён рамантычны і дзелавіты. Тут у люстэрку ракі адбіваюцца волаты мінулых эпох - магутны калегіум і ўрачысты, нібы гімн нябёсам, барочны ансамбль кляштара францысканцаў... Тут беласнежныя цеплаходы плывуць па хвалях Піны, Струменя і Прыпяці, а над гарадскімі кварталамі кружаць белыя буслы...
Вы можете уточнить стоимость и наличие любой книги, а также получить консультацию нашего продавца.